БЕЛ Ł РУС

Беларуская доктарка раптоўна даведалася, што «працуе» псіхолагам у медцэнтры ў Расіі

8.03.2025 / 16:15

Nashaniva.com

Рэпрадуктолаг Аліна Салажкова вядзе прыём у Мінску. Але ад падпісчыкаў свайго блога яна даведалася, што яе фота выкарыстоўвае расійскі медцэнтр. Доктарка нават паспрабавала запісацца да сябе на прыём.

Аліна Салажкова. Фота з сайта lode.by

Гінеколаг-рэпрадуктолаг вядзе блог у інстаграме, на які падпісаны 10 тысяч чалавек. Менавіта дзякуючы яму яна раптам і даведалася пра сваё «працаўладкаванне» ў зусім новай сферы — і нават з новымі імем і прозвішчам.

Аліне напісалі, што яе фота выкарыстоўваецца на сайце psikhiatr.clinic — пазначана, што ён належыць клініцы псіхіятра-нарколага доктара Гладышава (знаходзіцца ў Маскве). Падпісчыца выказала меркаванне, што гэта могуць быць махляры.

Скрыншот сторыс

Там пад фота гінеколага пазначана, што яе завуць Анастасія Шпагіна і што яна быццам бы ўжо 7 гадоў працуе псіхолагам. Здзіўленая беларуская доктарка патэлефанавала ў клініку і паспрабавала запісацца да сябе ж на прыём.

— Мне адказалі, што персанал ужо змяніўся і я ўжо не прымаю. Канешне, як я магу прымаць, калі я сёння ў Мінску прымаю?! Я дала ім гадзіну і папярэдзіла, што, калі фота не прыбяруць з сайта, я буду вырашаць пытанне праз праваахоўныя органы.

На дадзены момант фота беларускай доктаркі ўжо выдалена.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула