БЕЛ Ł РУС

У Беларусі няма мора, але топяцца тут часцей, чым ва ўсім свеце

2.04.2025 / 9:0

Nashaniva.com

За апошнія тры дзесяцігоддзі колькасць выпадкаў таплення людзей у свеце скарацілася амаль удвая. Аднак у шэрагу краін, у тым ліку Беларусі, сітуацыя застаецца трывожнай.

Беларусь у антылідарах па колькасці выпадкаў таплення людзей. Фота: Наша Ніва

Пра гэта пішуць кітайскія даследчыкі ў артыкуле «Глабальная нагрузка ад утаплення і фактары рызыкі ў 204 краінах (1990—2021)», апублікаваным у Scientific Reports. Яны прааналізавалі выпадкі ўтаплення і ўзровень смяротнасці, а таксама вывучылі тэндэнцыі з 1990 па 2021 год у розных рэгіёнах і краінах, звярнуў увагу канал канал «De facto. Беларуская навука».

У 2021 годзе ў свеце было зафіксавана 856,1 тысячы выпадкаў утаплення, якія прывялі да 274,2 тысячы смерцяў. 

З 1990 года сітуацыя ў свеце істотна палепшылася: колькасць выпадкаў таплення зменшылася на 51,5% — да 11,1 выпадка на 100 тысяч чалавек, а смяротнасць на 60,9% — да 3,6 выпадка на 100 тысяч чалавек.

Найлепшы прагрэс у гэтым паказала Эстонія, якая мае выхад да мора і буйных азёр, працяглую берагавую лінію і шматлікія астравы. Колькасць выпадкаў таплення за тры дзесяцігоддзі незалежнасці тут скарацілася на 70,2%, а смяротнасць — на 83,5%.

Паказчык частаты выпадкаў таплення на 100 000 насельніцтва ў 2021 годзе паводле краін. Картаграма з даследавання

Найбольшую па колькасці выпадкаў утаплення зафіксавалі на Саламонавых Астравах у Акіяніі — 40,6 выпадка на 100 тысяч насельніцтва.

Як ні дзіўна, але следам у лідарах антырэйтынгу ідуць не іншыя астраўныя дзяржавы, а Беларусь, якая не мае выхаду да мора, і Украіна. У абедзвюх краінах гэты паказчык амаль аднолькавы — 28,5 і 28,4 на 100 тысяч насельніцтва адпаведна. 

Акрамя Усходняй Еўропы, найвышэйшыя паказчыкі па колькасці выпадкаў утаплення адзначаліся ў 2021 годзе ў Цэнтральнай і Усходняй Азіі.

А вось у антылідары па смяротнасці ад утаплення патрапілі карлікавая астраўная дзяржава Науру (14,4 выпадка на 100 тысяч насельніцтва), Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (12,0) і Маршалавы Астравы (11,8). 

Найвышэйшыя паказчыкі смяротнасці ад утаплення назіраліся ў 2021 годзе ў Акіяніі, Цэнтральнай Афрыцы і Карыбскім рэгіёне. 

Даследчыкі тлумачаць такі высокі ўзровень смяротнасці ў астраўных краінах падняццем узроўню мора і экстрэмальнымі кліматычнымі з’явамі, такімі як паводкі і цыклоны, што павялічваюць рызыку ўтаплення. У Афрыцы — хуткай урбанізацыяй і недастатковай воднай бяспекай, асабліва ў стыхійных паселішчах. 

Нізкі ўзровень утапленняў, зафіксаваны ў Заходняй Еўропе і краінах з высокім узроўнем даходаў у Паўночнай Амерыцы, сведчыць пра эфектыўнасць комплексных прафілактычных мер, якія ўключаюць інфармаванне насельніцтва, навучанне плаванню і добрую інфраструктуру воднай бяспекі.

Аднак у Беларусі, як і ў іншых краінах Усходняй Еўропы і краінах Усходняй Азіі, узровень застаецца высокім, нягледзячы на істотнае паляпшэнне сацыяльна-эканамічных умоў.

Гэта даследчыкі тлумачаць хранічнай недасканаласцю ў рэгуляванні воднай бяспекі, злоўжываннем алкаголем і культурнымі традыцыямі, звязанымі з вадой.

Згодна з данымі статыстыкі, у 2021 годзе ў Беларусі ўстаноўлены антырэкорд па колькасці трагедый на вадзе. У краіне ўтапіўся 481 чалавек, з якіх 252 былі п'янымі. У два разы больш у параўнанні з 2020 годам загінула і дзяцей — 42 супраць 20.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула