Дзвюм мінчанкам інкрымінавалі здраду дзяржаве за правядзенне сацыялагічнага апытання без дазволу
Следчы камітэт паведаміў пра заканчэнне расследавання па крымінальнай справе аб «здрадзе дзяржаве». Абвінавачаныя, як сцвярджаецца, «на шкоду нацыянальнай бяспецы перадавалі фондам і некамерцыйным арганізацыям, якія дзейнічалі пад патранажам спецыяльных службаў замежных дзяржаў, матэрыялы аб стане спраў у розных сферах жыцця Рэспублікі Беларусь».
Фота ілюстрацыйнае
Сярод абвінавачаных — 42-гадовы жыхар Мінска, які за грошы нібыта падрыхтаваў даследаванне з «загадзя ілжывымі звесткамі» пра палітыку ўладаў у дачыненні да барацьбы з каранавірусам. Ён нібыта правёў сацыялагічны аналіз праз сваю кампанію, якая не мела адпаведнай акрэдытацыі.
Мужчыну закідаецца, што фактычна ён, маўляў, аналітычнай працы не праводзіў, а
«на падставе асобных звестак, размешчаных у адкрытых крыніцах, падрыхтаваў ангажаваныя і адпаведныя запытам «заказчыка» вынікі, для наступнага іх выкарыстання на шкоду нацыянальнай бяспекі і інтарэсам дзяржавы».
Падобныя закіды скіраваныя і 37-гадовай ды 43-гадовай мінчанкам, якія
«за ўзнагароджанне праводзілі сацыялагічнае даследаванне, якое тычыцца нібыта наяўнасці пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны з дапамогай інтэграцыі з краінамі Еўрапейскага Саюза».
Арганізацыя гэтых жанчын таксама не мела акрэдытацыі ад адпаведнай камісіі НАНБ.
«З мэтай дасягнення жаданага выніку жыхаркі сталіцы выкарыстоўвалі для правядзення даследаванняў фокус-групы з ліку асоб, якія маюць, як правіла, загадзя негатыўнае стаўленне да наяўнай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу. Гэтыя матэрыялы пасля размяшчаліся ў сетцы Інтэрнэт і выкарыстоўваліся недружалюбнымі краінамі для прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь».
Абвінавачанаму мужчыну, апрача таго, закідаецца «распрацоўка і ўкараненне злачыннай схемы падмены працоўных адносін» дзеля таго, каб плаціць менш грошай у якасці сацыяльных выплат. У выніку, як сцвярджаюць следчыя, дзяржаве была нанесеная шкода ў суме больш за 186 тысяч беларускіх рублёў, якая цяпер «пакрытая ў поўным памеры».
Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваныя па ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і ч. 2 арт. 243-3 (ухіленне ад выплаты страхавых узносаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, усе яны знаходзяцца пад вартай.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Чытайце таксама:
Прысуд асуджанаму на 11 гадоў ксяндзу Акалатовічу пакінулі без зменаў
Стаў вядомы жорсткі прысуд, вынесены жыхару Гомеля за «здраду дзяржаве»
Стаў вядомы прысуд мытніку Скубілаву, абвінавачанаму ў «здрадзе дзяржаве»
Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах