«Вырашылі, што варта менш камунікаваць». Пра што пляткараць між сабой калегі Гарбачова-Макавеева па «Варгеймінгу»
Фігурант расследавання «Нашай Нівы», у якога знайшоўся пашпарт прыкрыцця, — супрацоўнік «Варгеймінга» Фёдар Гарбачоў. Распыталі яго калег пра тое, што думаюць супрацоўнікі кампаніі пра гісторыю мужчыны.
Офіс Wargaming. Фота: vkplay.ru
Фёдар Гарбачоў цяпер працуе на праекце Cold War. Гэта новы праект Wargaming, які толькі праходзіць стадыю тэстаў.
Таму большая частка супрацоўнікаў не надта перасякаецца з Гарбачовым.
На тэкст «Нашай Нівы» рэакцыя нервовая. Не ўсе супрацоўнікі Варгеймінга вераць у факты ў расследаванні пра свайго калегу. Некаторыя лічаць, што яго маглі падставіць, стварыўшы яму пашпарт прыкрыцця. Іншыя прызнаюць, што пашпарт прыкрыцця — гэта жалезны доказ, таму сумневаў быць не можа.
Суразмоўцы ахарактарызавалі Гарбачова як разумнага чалавека, які шмат што ведае, у тым ліку шмат розных моваў і цікавых гістарычных фактаў, а нядаўна скончыў курсы літоўскай і паспяхова здаў іспыт. Ён — гістарычны кансультант на праекце Cold War.
Больш за ўсё супрацоўнікі перажываюць за тое, што маглі абмяркоўваць з Гарбачовым канфідэнцыйную інфармацыю. «Людзі спрабуюць узгадаць, хто і што яму казаў, што ён пытаўся і што ўвогуле абмяркоўвалі. Людзі напружаныя, бо ў яго прысутнасці выказваліся свабодна», — кажуць суразмоўцы.
Таксама супрацоўнікаў «Варгеймінга» непакоіць тое, што ў апошні час узніклі праблемы з міграцыяй — некалькіх супрацоўнікаў прызналі пагрозай нацыянальнай бяспекі і загадалі выехаць з Літвы. Яны лічаць, што праз кейсы кшталту Гарбачова могуць пастрожыць праверкі на атрыманне дазволаў на жыхарства, а і цяпер іх выдачу затрымліваюць і рэгулярна адмаўляюць.
Многія калегі лічаць, што лепш не камунікаваць да высвятлення абставінаў, хоць і невядома, па якіх тэмах Гарбачоў мог супрацоўнічаць са спецслужбамі Беларусі. Абмяркоўваецца і тое, ці звольняць Гарбачова — усё ж інфармацыя пра пашпарт прыкрыцця выклікае шмат пытанняў.
Чытайце таксама:
«У Wargaming працавала шмат ватнікаў і ябацек». Папулярны IT-блогер патлумачыў, чаму менавіта там