БЕЛ Ł РУС

Хто мог бы стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2035 годзе — аналізуе Шрайбман

30.03.2025 / 17:40

Nashaniva.com

Астапеня, Руднік, Дзмітрыеў, Ціханоўская? А можа Караткевіч? У каго найбольшыя шанцы?

Злева направа: Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Андрэй Дзмітрыеў, Таццяна Караткевіч, Святлана Ціханоўская

У новым выпуску ютуб-праекта «ЧестнОК-LIVE» палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана папрасілі ацаніць шанцы асобных прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі перамагчы на сумленных прэзідэнцкіх выбарах у 2035 годзе.

Рыгор Астапеня

Па словах Шрайбмана, у Астапені ёсць тое, чаго няма ў яго, — вера, што народ мае рацыю.

«У Рыгора сапраўды ёсць жаданне рабіць Беларусь лепш сваімі дзеяннямі, то бок актывізм. Ён прыродны актывіст. Хоць ён зараз аналітык, эксперт, сацыёлаг, але ў яго душа ляжыць менавіта да змены рэальнасці», —

даводзіць аналітык і дадае, што Рыгор Астапеня мае добрыя знешнія дадзеныя і «ўсе зумершы будуць яго»,

«Калі захоча, пачне размаўляць на нармальнай мове, то ў яго да гэтага куды карацейшая дарожка, чым у мяне», — лічыць Шрайбман.

Андрэй Дзмітрыеў

Па словах Шрайбмана, у былога лідара руху «Гавары праўду» і экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэя Дзмітрыева ёсць адна рыса, якой няма шмат у каго з палітыкаў.

«Я назіраў гэта ўжывую. Андрэй хоча размаўляць з простымі людзьмі. Ён хоча ісці ў бар ці куды-небудзь і гаварыць, пераконваць, слухаць. Гэта навык, якога шмат у якіх палітыкаў няма, які вельмі патрэбны».

Да таго ж, на думку аналітыка, у Дзмітрыева ёсць успрыманне сітуацыі. Ён паводзіць сябе асцярожна, не навязвае свой парадак дня. Часам такая тактыка можа спрацаваць.

Да таго ж Дзмітрыеў, па словах Шрайбмана, «клёвы паліттэхнолаг».

Леся Руднік

«Топ проста. Усё ёсць: візія, патрыятызм, знешнія дадзеныя. (…) У Беларусі патрэбна жанчына эмпатычная ва ўладзе. Я вялізны прыхільнік жаночага лідарства», — ацаніў аналітык палітолага Лесю Руднік.

У той жа час, адзначае Шрайбман, у Руднік «не ляжыць душа» да палітычнай кар'еры.

«Яна шчырая, калі кажа, што аналітыка, экспертыза, нейкая грамадская дзейнасць для яе больш блізкая, чым вось проста ісці ў народ, весці яго на барыкады ці нешта падобнае».

Таццяна Караткевіч

На думку Шрайбмана, былой сяброўцы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і экс-кандыдатцы на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года Таццяне Караткевіч уласцівы своеасабліва стыль лідарства, які не дазваляе гаварыць аб тым, што яна здольная на правядзенне жорсткіх рэформ:

«Гэта такі своеасаблівы стыль лідарства. Клапатлівы, патэрналісцкі шмат у чым. Гэта значыць, наўрад ці яна змагла б праводзіць нейкія жорсткія неабходныя рэформы».

У той жа час, Караткевіч, лічыць Шрайбман, магла б стаць кансенсуснай фігурай, здольнай аб'яднаць розныя пласты грамадства. Аднак ён не ўпэўнены, што ў самой жанчыны яшчэ засталося жаданне ўдзельнічаць у палітыцы.

Святлана Ціханоўская

На погляд аналітыка, малаверагодна перамога на прэзідэнцкіх выбарах у 2035 годзе сённяшняй лідаркі дэмакратычнай апазіцыі Святланы Ціханоўскай.

І прычына ў вострым грамадскім канфлікце. Ціханоўская стала фігурай, вакол якой аб'ядналася толькі частка дэмакратычнага спектра, што вельмі вузка.

У той жа час, аналітык не выключае, што сітуацыя можа змяніцца:

«Я не думаю, што яна магла б стаць аб'яднаўчай фігурай для грамадства. Але ніколі не кажучы ніколі. У палітыцы магчымы камбэкі. Проста зараз мне здаецца, што яна ўжо не ў тым амплуа працуе, як у 2020 годзе. Яна ўжо хутчэй прадстаўнік канкрэтнага крыла беларускага грамадства. Але складана гэта нацягнуць на ўсё беларускае грамадства».

Чытайце таксама:

Шрайбман: Я не веру ў «зянонаўскую дыктатуру», якая будзе паслядоўна беларусізаваць беларусаў

Шрайбман пра тое, што зразумеў з размоў з еўрапейскімі дыпламатамі

Шрайбман: Калі будзе прапанова, якую беларускія ўлады палічаць вартай таго, то адпусціць могуць усіх

Каментары да артыкула