Шрайбман: Калі будзе прапанова, якую беларускія ўлады палічаць вартай таго, то адпусціць могуць усіх
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман упэўнены, што рэжым можа выпусціць знакавых палітвязняў, тлумачыць, навошта Лукашэнка шукае кантактаў менавіта з ЗША і як актуальная сітуацыя ў свеце можа паўплываць на Беларусь.

Беларускія прапагандысты пастаянна паўтараюць, што знакавых палітвязняў ніхто не выпусціць. Аднак аналітык Арцём Шрайбман прапануе не ўспрымаць гэтыя словы ўсур'ёз.
«Я не веру беларускім прапагандыстам. Іх здольнасці да пераабування я вельмі шаную, лічу, што гэта тое, што яны засвоілі за мінулыя гады. Думаю, калі Лукашэнка вырашыць інакш, растлумачыць, чаму трэба было рабіць так, яны таксама змогуць», —
пераконвае Шрайбман у інтэрв'ю «Еўрарадыё» і дадае, што лёс знакавых фігур з ліку палітвязняў залежыць ад таго, што прапануюць рэжыму наўзамен:
«Калі будзе прапанова, якую беларускія ўлады палічаць вартай таго, то я ўпэўнены, што няма ніякіх лімітаў, межаў на тое, што яны могуць рабіць з палітвязнямі, у сэнсе — каго адпусціць. Думаю, што адпусціць могуць усіх, ці каго спатрэбіцца».
Іншы варыянт, які разглядае аналітык — наяўнасць сітуацыі, пры якой рэжым палічыць прывабнымі былыя прапановы, якія раней такімі не лічыў.
«Сітуацыя таксама змяняецца. У сэнсе іх упэўненасці ў расійскай падтрымцы. Мы бачым, што Лукашэнка ўжо скардзіцца на праблемы на расійскім рынку. І не першы раз ужо, напэўна, некалькі месяцаў апошніх. Таму гэта можа таксама іх пазіцыю па запытах неяк паніжаць», — заўважае Шрайбман.
«Улічваючы тое, што ўсіх палітвязняў можна пры вызваленні выціснуць з краіны ці проста падвезці на мяжу, я тут не бачу ніякай палітычнай ці нейкай іншай праблемы», — упэўнены аналітык.
Якія выгады бачыць рэжым у перамовах з ЗША
Імкненне беларускага рэжыму да перамоў аб адмене санкцый менавіта з ЗША аналітык тлумачыць некалькімі абставінамі.
«Па-першае, яны больш [палітычна] гнуткія. Па-другое, (…) яны (беларускія ўлады — НН) жывуць у тым свеце, дзе Еўропа і ўсе еўрапейскія краіны — проста васалы Вашынгтона. І тое, што Вашынгтон скажа, яны зробяць. І ў гэтым рэчышчы яны лічаць: а чаго нам дамаўляцца з васаламі, калі мы можам адразу праз галаву дамовіцца з Вашынгтонам. Ён вырашыць за нас нашы праблемы ў Еўропе».
Шрайбман адзначае, што такі погляд на адносіны Еўропы і ЗША нерэалістычны. Асабліва сёння.
Акрамя гэтага, на погляд аналітыка, беларускія ўлады бачаць, што Трамп — максімальна меркантыльны палітык, таму яму не спатрэбяцца больш глыбокія саступкі Лукашэнкі, як гэтага патрабуе ЕС, у прававых дакументах якога запісаны канкрэтныя ўмовы змякчэння санкцыйнай палітыкі ў адносінах да Беларусі. І яны ўключаюць не толькі вызваленне палітвязняў. Гэта і вяртанне палітэміграцыі, і сумленныя выбары, і расследаванне збіцця людзей і рэпрэсій 2020 года.
«Еўрапейскія дыпламаты не могуць праігнараваць гэтыя нормы. Калі будзе нейкі вялікі палітычны выклік, вялікая палітычная патрэба неяк камунікаваць з Лукашэнкам, то палітычныя лідары Еўрасаюза, напэўна, могуць неяк адысці трошкі ўбок ці змяніць гэтыя нормы. Патрэбы такой няма, але Трампу гэта ўвогуле не цікава, таму з Трампам і з яго адміністрацыяй лягчэй гандлявацца».
На погляд Шрайбмана, ён не ўпэўнены, што стаўка беларускіх уладаў на ЗША спрацуе, бо «самыя цікавыя санкцыі — гэта тыя, што ўводзіў Еўразвяз». Аналітык заўважае, што найбольш балючыя санкцыі ў тых двух сектарах, пра якія ішла гаворка ў артыкуле The New York Times, — калій і банкі, увялі краіны Еўрасаюза. Таму адмена амерыканскіх санкцый не прывядзе да істотных змен у становішчы «Беларуськалію» і беларускай банкаўскай сістэмы.
«Спадзявацца, што з-за салідарнасці з Трампам Еўрасаюз абавязкова будзе адмаўляцца ад сваёй палітыкі па Беларусі, не відавочна», — даводзіць Шрайбман.
Аднак спробы знайсці кантакты з ЗША аналітык прапануе разглядаць у больш шырокім кантэксце:
«Лукашэнка ўсе гэтыя вызваленні хвалямі палітвязняў і ўвогуле ўсе свае дыпламатычныя намаганні апошніх месяцаў разглядае як частку агульнага працэсу магчымай перазагрузкі ў свеце: «Будзе нейкае замірэнне ЗША, Захаду і Расіі, нейкая здзелка па Украіне, і мне патрэбна ў яе ўбудавацца».
І таму, калі такая мэта стаіць, калі такі сцэнар лічыцца верагодным, то варта з самым магутным гульцом з заходняга боку спрабаваць нармалізаваць адносіны да гэтага моманту. Так павысяцца шанцы, што цябе могуць кудысьці запрасіць на нейкія перамоўныя фарматы, так павысяцца шанцы, што пра цябе не забудуцца, калі будуць здымаць санкцыі з Расіі, і гэтак далей».

Як актуальная сітуацыя ў свеце можа паўплываць на Беларусь
Шрайбман адзначае, што непасрэдна на Беларусь працэсы, якія цяпер адбываюцца ў свеце і вакол Украіны, ніяк не ўплываюць, акрамя хіба толькі таго, што гэта дадае больш нявызначанасці для Лукашэнкі.
«Мы бачым, што ён не ведае, чаго чакаць ад гэтай адміністрацыі ЗША і ад яе перазапуску адносін з Расіяй, таму што ён справядліва гаворыць, што калі амерыканскія і заходнія кампаніі вернуцца ў Расію, але калі пры гэтым (ён пра гэта не кажа, але гэта частка гэтага сцэнарыю) не адкрыюцца гандлёвыя шляхі для Беларусі на Захад, то беларуская эканоміка апынецца ў найцяжэйшай сітуацыі».
Акрамя рызыкі для краіны, аналітык называе і магчымасці: «Чым менш трансатлантычнай салідарнасці, тым лягчэй разбірацца паасобку з кожным са сваіх учорашніх ці сённяшніх апанентаў».
«Калі вось гэты «марш Трампа» будзе надаваць нейкіх сілаў і ўпэўненасці ў сабе еўрапейскім ультраправым, калі, напрыклад, пачнуць блакаваць еўрапейскія санкцыі больш актыўна, то гэта таксама выгода для Лукашэнкі»,
— даводзіць аналітык і заўважае, што ёсць спектр розных непрадказальных наступстваў, прапануючы паглядзець на тое, што будзе з перамовамі па Украіне.
«Калі перамір'е сапраўды атрымаецца забяспечыць, (…) гэта можа паўплываць на Беларусь як пазітыўна з пункту гледжання таго, што беларускае пытанне будзе абмяркоўвацца на гэтых мірных перамовах, і тады магчымая пэўная дэмілітарызацыя, дээскалацыя ў рэгіёне, магчыма, пабудова больш празрыстай Беларусі для ўсіх суседзяў, у тым ліку для Украіны, каб яна не стварала для яе пагрозу», — разважае Шрайбман.
Аналітык малюе і іншы сцэнарый, калі Расія ў адказ на з'яўленне ва Украіне амерыканскіх міратворцаў увядзе свой вайсковы кантынгент у Беларусь:
«Мы знаходзімся ў пункце, дзе настолькі вялікая нявызначанасць, што я магу намаляваць вельмі розныя сцэнары. Проста цяпер я не бачу ніякіх уплываў працэсаў узлёту ўльтраправых ці папулістаў у Еўропе ці ЗША на жыццё звычайнага беларуса. Будзем шчырымі — мы знаходзімся трохі ў іншым кантэксце».
Каментары
Каментую і ад сваей фантазіі варьяцею..
Кто прымусіць вызваліць усіх зняволенных 2020 у рБ мне || Свет ні павернецца да былога утульнага мірапарадку Патрабаваць нейкі аналіз прагнозы ад прафессійных палітолагаў аналітыкаў калі ўсе разбурана і ніякія калькі ассацыяцыі ні працуют ?? Час авантурыстаў ашуканцаў блоХераў- балбатуноў з падвешаным языком