Чаму ў пачатку 20 стагоддзя эстонцы, літоўцы і латышы стварылі дзяржаву, а беларусы — не? Адказвае Церашковіч
Этнолаг, гісторык і культурны антраполаг Павел Церашковіч расказаў, чаму нельга ствараць «беларускі свет» і чаму ў моўным пытанні не варта браць прыклад з Аўстрыі і Швейцарыі.

У новым выпуску ютуб-праекта «Жыццё-маліна» Павел Церашковіч расказаў, як шукаў адказ на пытанне, чаму ў пачатку ХХ стагоддзя літоўцы, эстонцы, латышы змаглі стварыць і ўтрымаць сваю дзяржаўнасць, а ў беларусаў і ўкраінцаў не атрымалася.
Па яго словах, розную інтэнсіўнасць нацыянальнага руху некаторыя даследчыкі звязваюць з колькасцю прадстаўнікоў нацыі сярод жыхароў гарадоў. Напрыклад, у Эстоніі гэты паказчык складаў 67%. Пры гэтым горад быў фактычна адзін — Талін. Калі ж казаць пра Мінск, то ў ім беларусы складалі 16%. Аднак у Літве было яшчэ менш. Таму гэтым аргументам цяжка патлумачыць паспяховасць нацыянальна-дзяржаўнага руху.
Другі фактар — гэта друк на роднай мове і наяўнасць аўдыторыі, здольнай чытаць і ўспрымаць ідэі, якія выказваюць лідары нацыянальнага руху. І тут адрозненне асабліва відавочнае. У канцы ХІХ стагоддзя каля 80% эстонцаў умелі чытаць. Латышы амаль не адставалі. Пісьменных літоўцаў было каля 40%. А вось беларусаў — усяго 13%, украінцаў — 11%.
Яшчэ цікавей выглядаюць лічбы пісьменнасці сярод жанчын. У эстонцаў і латышоў розніцы паміж паламі амаль не было. У літоўцаў наогул колькасць пісьменных жанчын была большай, чым мужчын. А вось сярод беларусаў пісьменнымі былі 27% мужчын і ўсяго 8% жанчын.
«Адзіны спосаб сфармаваць устойліва нацыянальную ідэнтычнасць — гэта хатняе выхаванне. Хто выхоўвае дзяцей? Маці. Якія казкі, якія кніжкі чытае? Калі жанчына адукаваная, то гэта ўжо будзе спрыяць умацаванню ідэнтычнасці», — даводзіць Церашковіч.
Па словах навукоўца, эстонскія і латвійскія вучоныя правялі даследаванне, у якім адсочвалі, калі нацыянальны рух стаў трывалым. Высветлілася, што гэта быў той час, калі сталі заключацца шлюбы паміж нацыянальна свядомымі мужчынамі і жанчынамі.
Яшчэ адзін фактар у поспеху нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, па словах Церашковіча, гэта рэлігія:
«Эстонцы амаль усе пратэстанты. Дактрына пратэстантызму — кожны чалавек мае права асабіста камунікаваць з Богам. А спосаб камунікацыі — гэта веданне Бібліі. І Біблія павінна быць на той мове, якая ім зразумела.
У латышоў большасць пратэстантаў. Але значная частка на ўсходзе — каталікі. Там ужо стаўленне трохі іншае.
Да таго ж у пратэстантаў і мужчыны, і жанчыны маюць роўныя правы, каб камунікаваць з Богам. У каталіцызме гэта можа быць, гэта пажадана, але не абавязкова. А ў праваслаўі наогул «навошта жанчыне быць пісьменнай». І таму ў Беларусі пісьменных жанчын было 8%, у Расіі — 3%, а ў Малдове — 1%.
У Беларусі вельмі дакладна відаць, што ўзровень пісьменнасці ў каталікоў і праваслаўных быў розным. У каталікоў ён быў значна вышэйшым. І менавіта таму першая генерацыя лідараў [нацыянальнага] руху збольшага каталіцкага паходжання».
Чаму Расія не зможа паглынуць Беларусь
Павел Церашковіч звяртае ўвагу на сацыялагічныя апытанні, якія паказваюць, што максімум 4% насельніцтва Беларусі выступаюць за тое, каб краіна стала часткай Расіі.
У той жа час шмат прыхільнікаў ідэі «трыадзінага народу», якія лічаць, што беларусы амаль нічым не адрозніваюцца ад рускіх. І вось у гэтым навуковец бачыць галоўную небяспеку прапаганды «рускага свету». Іншыя ж яго пастулаты, на погляд гісторыка, неістотныя.
Церашковіч пагаджаецца з поглядам аб тым, што ідэі больш цеснай інтэграцыі беларусы ціха сабатуюць. Так, напрыклад, адбылося з прапановай Дзмітрыя Мядзведзева адзначаць падзелы Рэчы Паспалітай.
Церашковіч не лічыць патрэбным фарміраваць свой «беларускі свет» у адказ на «рускі свет».
«Не трэба нам «беларускі свет». «Рускі свет» — гэта ідэалогія забойцы. Гэта імперская гіпернацыяналістычная ідэалогія. Нам нічога такога не трэба. Нам [неабходна] свая беларуская мара. (…) У нас нацыянальная ідэя ўжо ёсць. Святы ёсць, падручнікі па гісторыі, помнікі. Нам трэба беларуская мара — «жыць па-людску, па справядлівасці».
Чаму нічога не атрымаецца без беларускай мовы
Па словах Церашковіча, нельга зніжаць важнасць беларускай мовы.
«Мы ва Усходняй Еўропе, і тут усё вельмі дакладна: ёсць мова — ёсць дзяржава, ёсць нацыя. А калі гэтага няма, то адразу ўзнікаюць пытанні «а хто вы такія, калі вы размаўляеце на рускай мове?» Як можна быць ва Усходняй Еўропе і не размаўляць на сваёй мове? Паглядзіце, ва ўсіх так. Беларусь у гэтых адносінах —выключэнне ва Усходняй Еўропе».
Па словах навукоўца, прыклад Аўстрыі нельга лічыць, бо яна была імперскай краінай, а не падначаленай часткай імперыі, якой была Беларусь.
Што тычыцца Швейцарыі, то яна ад пачатку была федэратыўнай краінай. Тое ж самае і Бельгія. І гэта ўсё выключэнні ў Еўропе.
«У Еўропе (не толькі ва Усходняй) ёсць такое правіла: вось краіна — вось мова. Калі падлічыць, усяго каля 44 краін. У 32 так. А тое што застаецца, то гэта мікракраіны кшталту Ліхтэнштэйна, Андоры і гэтак далей.
Выключэннем можа быць Малдова. Гэта спецыфічны прыклад, таму што як савецкая ўлада ні культывавала малдаўскую мову, кірыліцу і гэтак далей, не выбіла [разумення], што гэта румынская мова. (…) Мова — гэта галоўнае, што робіць нас адрознымі», — тлумачыць навуковец.
Церашковіч упэўнены, што насельніцтва можа хутка авалодаць беларускай мовай, улічваючы той факт, што сёння яе, у адрозненне ад сітуацыі апошніх дзесяцігоддзяў існавання БССР, усе абавязкова вывучаюць у школе.
Па падліках Церашковіча, цяпер сярод насельніцтва доля тых, хто вучыўся ў школе ў час незалежнасці Беларусі, складае прыкладна 45%.
«Я думаю, гэта будзе лягчэй зрабіць, чым у Ірландыі, бо ірландская мова вельмі спецыфічная, адрозная ад англійскай. А тут мовы блізкія. І ў гэтым выпадку гэта плюс. Прасцей будзе пераходзіць».
Церашковіч заўважае, што з кожным годам у Беларусі ўсё шырэй адзначаецца Дзень роднай мовы. А ў мінулым годзе з'явілася сацыялагічнае даследаванне, праведзенае Рэспубліканскім інстытутам адукацыі. Яно сцвярджае, што 90% школьнікаў лічаць беларускую мову роднай.
«І галоўная выснова там была такая: школьнікі лічаць, што размаўляць па-беларуску — гэта паказчык інтэлігентнасці», — дзівіцца Церашковіч і дадае, што ён не ідэалізуе сітуацыю, але мэта такога даследавання відавочная.
Каментары