Меркаванні2323

Чаму 9 мая трэба мяняць на 8-га

Фармальная прычына таго, чаму ў СССР, а пасля на большай частцы постсавецкай прасторы, адзначалі і адзначаюць дзень перамогі над нацысцкай Германіяй не 8 мая, як ва ўсім іншым свеце, а на дзень пазней — чыста тэхнічная. Маўляў, паміж Берлінам і Масквой была розніца ў часе, што выклікала і розніцу ў датах. Але на самай справе ва ўсё гэта закладзены глыбокі ідэалагічны сэнс, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Сітуацыйнае ваеннае саюзніцтва паміж таталітарным СССР і заходнімі дэмакратыямі, як і заўсёды ў такіх выпадках бывае, растварылася ў паветры фактычна адразу пасля таго, як знік агульны вораг. Пасля таго шляхі былых саюзнікаў радыкальна разышліся, пачалася Халодная вайна.

Перамога ў Другой сусветнай вайне стала адным з нарожных камянёў абноўленай ідэалогіі камуністычнай дзяржавы, і ў яе інтэрпрэтацыі дасягнутая яна была савецкім народам ледзь не аднаасобна, заходнія саюзнікі добра што толькі не заміналі. Пра выратавальны ленд-ліз і баі на іншых тэатрах ваенных дзеянняў, якія несумненна ўносілі сваю немалую лепту ў агульную справу, згадвалася ў найлепшым выпадку мімаходзь, як пра нешта няважнае і другаснае.

Другая сусветная вайна ў яе савецкай версіі фактычна зводзілася да «Вялікай Айчыннай», а розніца ў датах канчатковай капітуляцыі Германіі добра клалася ў агульную канву: у іх сваё свята, а ў нас сваё.

Такая сітуацыя нязменна пратрымалася да самага краху камуністычнай сістэмы і распаду СССР. А пасля таго прынцыповай змены на большай частцы постсавецкай прасторы не адбылося таксама, бо за амаль 50 гадоў святкаванне Дня перамогі менавіта 9 мая стала ўжо натуральнай традыцыяй, перадаванай з пакалення ў пакаленне.

І, бадай, гэтая традыцыя мела б шанцы застацца назаўжды, калі б Расія ў 1990-я, па прыкладзе іншых каланіяльных імперый, здолела намацаць шляхі постімперскай трансфармацыі і больш-менш паспяхова гэтымі шляхамі пайсці.

У рэальнасці падзеі, аднак, развіваліся паводле зусім іншага сцэнарыю. Крыху паэксперыментаваўшы пры Ельцыне, падчас кіравання Пуціна расійская дзяржава цвёрда вярнулася на рэйкі аднаўлення імперыі, а непераасэнсаваная савецкая канцэпцыя Другой сусветнай вайны як «Вялікай Айчыннай» з 9 мая 1945 года як яе кульмінацыйным момантам стала адным з нарожных камянёў для культывавання імперскай пыхі ў звыродлівай форме «победобесия» і «можем повторить».

А ў лукашэнкаўскай Беларусі нічога пераасэнсоўваць нават не спрабавалі: ад самага прыходу Лукашэнкі да ўлады «Вялікая Перамога» стала падмуркам для любых спробаў гістарычнай легітымізацыі аўтарытарнага рэжыму. Да яе прызвычаіліся апеляваць для апраўдання любых, нават самых адыёзных дзеянняў, і тым самым памяць пра вайну ў гэтай форме дашчэнту дыскрэдытавалі. У ёй ужо мала чаго і засталося жывога, усё забіў панылы афіцыёз.

І з гэтым ужо нічога не зробіш.

Калі 30 ці нават 20 гадоў таму яшчэ можна было спадзявацца, што савецкая канцэпцыя Другой сусветнай у форме «Вялікай Айчыннай» можа з часам эвалюцыянаваць у нешта больш прыстойнае, то цяпер такіх ілюзій захоўвацца не павінна.

Калі імкнуцца да вяртання ў цывілізаваны свет, рабіцца часткай Еўропы, а не разбуральнага «рускага свету», то нельга заліваць новае віно ў старыя мяхі.

Памяць пра Другую сусветную вайну і яе ахвяраў мусіць намі свята захоўвацца, але савецкая яе канцэпцыя, скіраваная на супрацьпастаўленне заходняму свету, у новых умовах павінна быць абавязкова дэмантаваная — уключна з альтэрнатыўнай датай.

Трэцяга тут, на шчасце ці на жаль, нам не дадзена. І чым хутчэй пазбавяцца ад ілюзій тыя, хто на гэты конт іх яшчэ захоўвае — тым лепей.

Каментары23

  • Так
    08.05.2024
    Пасля 2020-га большасць амаль нічога не асэнсавала і далей жыву ў сваёй руска-савецкай парадыгме, з "Днями Победы"/"9 мая", "хорошем СССР", "ВОВ" и "памятники Ленину - нормально".
  • Gorliwy Litwin
    08.05.2024
    спачатку трэба ўладу змяніць, а тады літаральна сотні святаў і памятных датаў трэба замяніць, і многія тысячы іншых рэчаў. Але якраз з гэтым першым, самым важным - вялікая праблема. Таму бяссэнсоўна разважаць пра другасныя атрыбуты
  • Параднік
    08.05.2024
    Паважаныя беларусы !!!
    Не святкуйце савецкае свята 9 траўня !
    Не дапамагайце нашым клятым ворагам маскавітам і іх хаўруснікам - лукашэнкам адчуваць сябе гаспадарамі беларускпга народа.

Цяпер чытаюць

«Дзеці са мной». Журналісты дазваніліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай і спыталі, дзе можа быць спікерка КР4

«Дзеці са мной». Журналісты дазваніліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай і спыталі, дзе можа быць спікерка КР

Усе навіны →
Усе навіны

Чакаеце цяпла? Наступны тыдзень не парадуе2

Хлусня і рэпутацыя анлайн. Сучасны амерыканскі бестселер выйшаў па-беларуску5

Намеснік міністра інфармацыі выказаўся пра забароненыя кнігі10

Адкуль столькі жудасных партрэтаў знакамітасцяў у «Вікіпедыі»? Цяпер гэта спрабуюць выправіць3

Чыноўнікі рыхтуюць змены для рэпетытараў — могуць забараніць Zoom і вялікія групы4

Усе згубілі на абвале рынкаў, адзін Бафет зарабіў. У чым сакрэт?12

Мінадукацыі змяніла патрабаванні для беларускіх школьнікаў. За што перастануць зніжаць адзнакі1

Незвычайныя прыгоды. Праз паўгода блуканняў вілейская чарапаха вярнулася дадому

Вадзім Галыгін падарыў Леаніду Якубовічу майку БАТЭ і распавёў навіну з прыватнага жыцця13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзеці са мной». Журналісты дазваніліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай і спыталі, дзе можа быць спікерка КР4

«Дзеці са мной». Журналісты дазваніліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай і спыталі, дзе можа быць спікерка КР

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць