Навука і тэхналогіі44

SpaceX упершыню паспяхова вярнула на Зямлю шматразовы паскаральнік самай цяжкай ракеты «Старшып»

Спецыялісты называюць гэтую падзею гістарычнай — кампанія Ілана Маска выходзіць на прынцыпова новы ўзровень у касмічных палётах.

Пасадка шматразовага паскаральніка самай цяжкай ракеты Starship на вежу. Фота: X

Інжынерам SpaceX удалося ўпершыню ў гісторыі пасадзіць паскаральнік на вежу. 69-метровы Super Heavy B12 паспяхова прызямліўся на стартавую пляцоўку пасля таго, як адправіў у космас самы цяжкі ў свеце карабель.

Ракету Starship S30 запусцілі з касмадрома ў Бока-Чыка ў Тэхасе ў 07:25 па мясцовым часе (15:25 па Мінску). Шматразовая ступень Super Heavy B12 аддзялілася на вышыні каля 74 кіламетраў, а затым вярнулася на стартавы комплекс. Там яе захапіла вежа Mechazilla, адмыслова распрацаваная SpaceX для такога манеўру.

Каля 16:32 па мінскім часе карабель «Старшып» прывадніўся ў Індыйскім акіяне.

Пра значэнне гэтай аперацыі расказвае выданне The Insider са спасылкай на аналітыка ракетных пускаў, аўтара навуковых артыкулаў пра космас і ракетабудаванне Георгія Трышкіна.

Паводле яго слоў, Starship не толькі самая цяжкая і магутная ракета ў гісторыі, але і першая патэнцыйна поўнасцю шматразовая сістэма, дзе і паскаральнік, і карабель будуць перавыкарыстоўвацца ў будучыні.

«Адзін з найважнейшых этапаў — гэта вяртанне паскаральніка Super Heavy — прататып пад індэксам B12 стаў першым, які вярнуўся з вышыні 95 км, пасля таго як паспяхова «закінуў» карабель Starship S30.

Канцэпт гэтага метаду пасадкі ўпершыню анансавалі тры гады таму, і тады ён здаваўся вар'яцкім — практычна трохсоттонны паскаральнік павінен сесці на маніпулятары на вежы.

І вось праз тры гады мы нарэшце гэта ўбачылі пасля вялікай колькасці цяжкасцяў і адпрацовак. Прычым ён зрабіў гэта з першага разу. Усе рухавікі адпрацавалі бездакорна на ўсіх этапах палёту, прычым як на караблі, так і на паскаральніку», — лічыць эксперт.

Па словах Георгія Трышкіна, самы складаны момант у гэтай пасадцы — дакладнасць.

«З пункту гледжання пасадкі на маніпулятары, у якіх ёсць высоўныя рэйкі, дакладнасць не павінна выходзіць за рамкі паўметра. Па факце менш, а з пункту гледжання нахілу — не больш за 9 градусаў. Ну гэта значыць, уявіце: паскаральнік з вышыні 95 км павінен ювелірна сесці на вельмі маленькі пункт на вежы».

Аналітык лічыць, што сённяшняя падзея — гістарычная.

«Гэтая пасадка ўвойдзе ў гісторыю, таму што яна першая ў сваім родзе — не толькі ў суперцяжкім класе, але і ў такім метадзе пасадкі. Кампанія SpaceX па сутнасці адзіная, хто рэгулярна вяртае паскаральнікі з космасу, і яны вышлі не проста на наступны ўзровень у параўнанні з канкурэнтамі, а сталі яшчэ на галаву вышэй.

Наступны палёт — місія Flight 6 — адбудзецца раней, чым праз 4,5 месяца, ліцэнзія пад яе ўжо ёсць. Чакаем навіны пра стан вежы, вельмі цікава, у якім стане будзе сам паскаральнік, якія дапрацоўкі будуць для наступнага, але гэта самае ўнікальнае вяртанне ў гісторыі. Яшчэ ніколі паскаральнік ні такога класа, ні такой канструкцыі не здзяйсняў уваход у атмасферу, таксама на відэа відаць, як рухальны адсек гарыць з-за вельмі высокай хуткасці падчас уваходу ў атмасферу.

Пасадка шматразовага паскаральніка самай цяжкай ракеты Starship на вежу. Фота: твітар SpaceX

У найбліжэйшыя гады плануецца запускаць па некалькі дзясяткаў разоў у год, гэта пяты палёт за паўтара года, па сутнасці ніколі так часта не запускаліся ракеты звышцяжкага класа нават у часы праграмы «Апалон». Пакуль складана казаць, колькі запланавана пускаў на наступны год, але відавочна больш за пяць.

І кампанія SpaceX ужо не проста сёння стала кампаніяй № 1 [у гісторыі ракетабудавання] — яна ёю ўжо з'яўляецца некаторы час як па колькасці пускаў (сёлета іх амаль 100), так і па колькасці выводнай нагрузкі: на SpaceX прыпадае амаль 90% выводнай нагрузкі сярод усіх краін і кампаній. Поспех Starship Super Heavy і менавіта праграмы распрацоўкі замацоўвае гэтую тэндэнцыю.

Канкураваць іншым кампаніям будзе вельмі цяжка, і яны будуць змушаныя спаборнічаць з ракетай Falcon 9 у сярэднім ці цяжкім класе. На гэты момант ніякай альтэрнатывы або аналага ў Starship, па сутнасці, няма».

Каментары4

  • Здымаю шляпу
    14.10.2024
    І апранаю гермашлем. Хоць нешта ў гэтым свеце радуе і натхняе.
  • Далей у лякарню
    14.10.2024
    Далей на Марс, асабіста Маск - усяго толькі эпатажны гвяздабол. Нагадаю, напрыклад, што бесперспектыўны Hyperloop - гэта таксама праект SpaceX.
  • Индеец
    14.10.2024
    Печатный станок с 100500-го раза сделал то, что клятыми совками было сделано 64 года назад, не считая собак.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько7

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр беларускі акцёр і рэжысёр Максім Сохар. Яму было 44 гады7

Як людзі ў Еўропе ледзь не вымерлі пры падзенні каметы3

Мяцеліца і моцны вецер. У краіне абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі1

Першыя масавыя пратэсты ў ЗША пасля вяртання Трампа ў Белы дом. Сам ён гуляе ў гольф20

Памятаеце беларускага рэпера Джоні Гаці, якому далі 19 гадоў за распаўсюд наркотыкаў? Вось што з ім цяпер10

Чаму ў пачатку 20 стагоддзя эстонцы, літоўцы і латышы стварылі дзяржаву, а беларусы — не? Адказвае Церашковіч84

Танна, бязвіз, прыгожа. Беларуска каталася на лыжах у Казахстане і Кыргызстане — і ёй вельмі спадабалася14

Вызначылі самыя ўпарадкаваныя паселішчы Беларусі5

Кампанія Ілана Маска шукае добраахвотнікаў для ўжыўлення чыпаў у мозг8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько7

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць