Грамадства2424

Даследчыца фальклору — пра спевы, якія ратуюць у эміграцыі, старавераў і беларускі парадокс

«Жыць, ведаючы, што ёсць рэчы, якія ад цябе не залежаць, вельмі цяжка. Гэта рэчаіснасць, якую не хачу прымаць», — шчымлівы аповед Вольгі Барышнікавай «Салідарнасці». 

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

— Вольга, як і чаму вы апынуліся ў эміграцыі?

— Праз усім вядомыя прычыны, праз якія ў ёй апынуліся сотні тысяч беларусаў. Самым складаным было прыняць рашэнне, што прыйшоў час з’яжджаць. Развітвацца з блізкімі, асабліва з бабуляй. Развітвацца з людзьмі так, быццам я пры жыцці сябе хаваю. Было менавіта такое адчуванне.

Развітвалася, ведаючы, што я ўжо не вярнуся, але ім я пра гэта не казала. Каб не раніць, казала, што буду прыязджаць. Я дакладна ведала, што больш не ўбачу сваю бабулю.

Гэта не азначае, што я асімілююся. Але я нічога не чакаю ад жыцця, бо апынулася ў сітуацыі, на якую не магу паўздзейнічаць. Нічога не магу зрабіць, каб вярнуцца ў Беларусь і не сядзець у турме.

Жыць, ведаючы, што ёсць рэчы, якія ад цябе не залежаць, а для цябе гэта істотна, гэта карэнныя рэчы, ад якіх цалкам залежыць тваё жыццё — вельмі цяжка. Гэта рэчаіснасць, якую я для сябе не хачу прымаць.

«Быў перыяд, калі я думала сама пайсці ў міліцыюБо ўжо не магла чакаць»

— Здавалася, што самае псіхалагічна складанае адбывалася са мной у Беларусі: страх затрымання, падазрэнні, што хтосьці сочыць, недавер да людзей. Быў перыяд, калі думала сама пайсці ў міліцыю. Бо ўжо не магла чакаць. Гэта ператварылася ў псіхічнае растройства.

Па выніку, калі я апынулася ў эміграцыі, у досыць камфортных умовах, псіхіка спрацавала як пружына, якая доўга была сціснутая, а пасля хоп — і развалілася.

Стала яшчэ горш, праз панічныя атакі было страшна выходзіць з дому. Здарылася дэпрэсія, дыягнаставаная псіхіятрам. Я прымала антыдэпрэсанты.

Расказваю, бо дзякуючы людзям, якія дзяліліся, распавядалі пра дэпрэсію, і я наважылася звярнуцца да спецыяліста. Я прымала таблеткі 9 месяцаў, гэта адносна мала, але яны дапамаглі мне пазбавіцца параноі, што за мною сочаць, і што мяне выдадуць Беларусі.

Было адчуванне, што ў эміграцыі ёсць усе ўмовы, каб жыць і працаваць, бо ёсць магчымасці. І тут яны сапраўды ёсць. Але ж чамусьці тады здавалася, што ніяк не жывецца, нават не дыхаецца. Ня можацца.

Дзякуй Богу, гэта ў мінулым, але ня ведаю, ці справілася б я без дапамогі псіхіятра.

— Ці дапамагалі вам у гэты перыяд беларускія народныя спевы, і як яны ўвогуле прыйшлі ў вашае жыццё?

— Спевы, незалежна ад таго, ў якім я стане і ў якой краіне, не знікаюць ніколі. Бо гэта частка і лад майго жыцця. Усё маё атачэнне — людзі, якія спяваюць.

Спяваем не толькі на святах, традыцыйныя народныя песні спяваем проста дома, з мужам. Гэта — як дыхаць. Па адукацыі я прафесійны музыкант, але акадэмічнай музыкі, дырыжор акадэмічнага хора.

Я скончыла акадэмію музыкі, але ў магістратуры мая магістарская была па этнамузыкалогіі. Прафесійным даследваннем народнай музыкі я займаюся прыкладна з 2018 года.

Але ж народныя спевы ў мяне з дзяцінства, бо мая бабуля фенаменальная спявачка, нават фантастычная. У яе вельмі багаты рэпертуар. Нават дзве бабулі спявалі і дзядулі таксама. Яны мяне гадавалі, я нарадзілася на вёсцы. І для мяне гэта ўсё натуральна.

Пераехаўшы ў горад я не хавала гэты досвед жаданнем стаць гарадской, а наадварот. Разумела, што гэта мая фішка, маё багацце.

 Адкуль гэта ў вас? Бо шмат хто, з’яжджаючы з вёскі, саромеецца перад гарадскімі.

— Мне пашанцавала нарадзіцца не ў тыповай вёсцы. Я паходжу з Германавічаў Шаркаўшчыцкага раёна. Вёска, дзе знаходзяцца тры храмы розных канфесій, якія функцыянуюць. Тры музея і прыватная карцінная галерэя. У нас ёсць музей Язэпа Драздовіча, дзе найвялікшая ў Беларусі колькасць яго арыгінальных твораў.

У маёй бабулі дома Драздовіч начаваў і маляваў дыван. Мой дзіцячы садок знаходзіўся ў будынку панскага палаца. Я вырасла ў вёсцы, дзе з дзяцінства вучаць ганарыцца тым, адкуль ты.

Я хадзіла ў беларускамоўны садочак, скончыла беларускамоўную школу. У нас на раёне, які эканамічна самы бедны ў Беларусі, толькі дзве рускамоўныя школы, астатнія беларускамоўныя. І калі я ў 15 год паступіла ў Новаполацкі музычны каледж, то прыехала з думкай, што раз у нас так, то і ва ўсіх так. Тым больш у горадзе!

Атрымалася наадварот: у Полацкім раёне на той момант была адна беларускамоўная школа. А ў нас ксяндзы ў касцёле, якія прыяжджалі з Польшчы, вучылі беларускую мову і маліліся па-беларуску.

Таму ў мяне з дзяцінства пачуццё гонару за тое месца, адкуль я родам. А яшчэ Германавічы трымаюцца на апантаных людзях, якія жывуць і дыхаюць сваёй справай і роднымі мясцінамі. 

«Ляжаць на печцы і спяваць, палоць у агародзе і спяваць, ехаць узімку на санях ці летам на возе — і спяваць»  

— Насамрэч для мяне яшчэ самае каштоўнае — мой родненькі дыялект, маё вымаўленне, мае словы ад мамы і бабулі. З мамай мы і дасюль размаўляем на паўночна-усходнім дыялекце.

Маё блізкае кола ведае, што я не размаўляю на літаратурнай беларускай мове, бо мне гэта ня трэба. Куды больш важна захаваць вымаўленне, тыя формы, словы і канчаткі, якія ёсць у нас. Бо гэта рэгіянальная разнастайнасць. Гэта тое, па чым мяне могуць пазнаць: «Ага, дзеўка так гаворыць і «мальцы» слова кажа — дык яна ж з Віцебшчыны!»

— Якія яшчэ асаблівасці ў паўночна-усходнім дыялекце?

— У тым ліку канчаткі дзеясловаў. Не піша — а пішыць, не чытае — а чытаіць, слухаіць. І яшчэ як нас называла мама ў дзяцінстве: кярэпла, хаўтама (хуткі няахайны чалавек), вяпла (разіня), трахала (няўважлівы чалавек). У гэтым слове важны націск — на апошні слог (усьміхаецца).

 Што такое кярэпла?

— Трапна сказала пра яго паэтка Ганна Шакель, якая таксама з нашага рэгіёна: карэпла — гэта чалавек, як рыпучыя дзверы. На самой справе слова мае літоўскае паходжанне.

 А якім песням вучыла вас бабуля, мо ёсць улюбёныя?

— Бабуля вельмі добра памятае рэпертуар, які засвоіла яшчэ падлеткам. Вясельныя спевы, вясновыя і жніўныя, масленічныя, калядныя, валачобныя. Бабуля з магілёўска-смаленскага памежжа, але этнічная беларуска, мы і альбом з ёй выдалі.

Скажу шчыра, што цікавіцца агулам сваёй бабуляй я пачала, калі стала прафесійна даследваць фальклор. Тады і зразумела пра што з ёй размаўляць. Бо мы з розных пакаленняў, як з розных планет. Да таго ж яна жыла ў іншай вёсцы.

Паступова мы сталі разам спяваць, а яшчэ сталі сапраўднымі сяброўкамі з маёй любімай бабай Тоняй. Яна спявае заўсёды, у яе рэпертуары каля 200 песень і прыпевак.

У апошні год у Беларусі я прыязджала да яе амаль кожныя выходныя. Маглі гаварыць пра ўсё на свеце: пра хлопцаў, перамываць косці суседкам. А галоўнае — ляжаць на печцы і спяваць, палоць у агародзе і спяваць, ехаць узімку на санях ці летам на возе — і спяваць. 

Наконт таго, ці ратуюць спевы, ці ёсць сувязь з прыродай, скажу, што я не атрымаю задавальнення, калі слухаю, што хтосьці спявае песні не да месца. Напрыклад, Купалінку зімой ці калядныя летам. Ці калі гэта спевы, праспяваныя з досыць дылетанцкім павярхоўным падыходам.

Для мяне традыцыйныя спевы найперш пра мысленне, і ў гэтым складанасць, бо я сама не магу спяваць абы як і кайфаваць ад гэтага.

«Я б цябе пасадзіла ў гэтую трушчобу, дзе толькі хата і лес, і паглядзела б як ты радуешся, аж валасы к верху!»

 Якія парады ваша бабуля Тоня давала, калі на душы скрэбла?

— Мудрасцей ад бабулі мільён. Аднойчы кажу ёй: «А ты знаеш, што тая двойню радзіла?» «Двойня? Гэта нявыгадна, гэта ж не парасяты!». Ці «мужыку лытку пакажы, а праўды не скажы».

 А калі здаецца, што жыццё коціцца ў бездань, што казала?

— Тут хутчэй было наадварот, я прыходзіла да яе, казала: «Ты ж на пенсіі, адпачывай, радуйся. Чаго ты?» А яна мне: «Я б цябе пасадзіла ў гэтую трушчобу, дзе толькі хата і лес, і паглядзела б як ты радуешся, аж валасы к верху!»

Няшмат якая бабуля ў гэтым прызнаецца. Але мая вельмі шчырая і прамая.

 Вы даследуеце фальклор Беларусі для сваёй кнігі «І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў Паўночна-Заходняй Беларусі». Але стараверы, якія, калі не пагадзілся з новымі парадкамі ў царкве, сышлі з Расеі ў Беларусь у сярэдзіне XVII стагодзя. Многія кажуць, што зараз не самы лепшы час узгадваць пра расейцаў…

— Уявіце сабе, што я літовец ці паляк. І я вам кажу: «Разумееце, зараз не самы лепшы час узгадваць пра беларусаў». Гэта тое ж самае.

І каб хоць хтосьці намі цікавіўся (найперш мы самі павінны цікавіцца), мы мусім навучыцца цікавіцца іншымі. Калі мы хочам ведаць сваю культуру — мусім пазнаць іншыя культуры. Бо калі беларусы масава даведаюцца пра вышыўку беларускіх старавераў, яны з жахам убачаць колькі ў медыяполі беларускім увогуле стараверскай вышыўкі.

Гэта наш беларускі парадокс. Ці возьмем, напрыклад, «Купалінку». Песня аўтарская, але гэта не тая мелодыя, якая рэпрезентуе ў этнамузычным плане беларускі фальклор.

Цікава: тое, што робіцца вядомым і папулярным у нас на масавым узроўні, да нейкага глыбіннага карэннага беларускага амаль не мае дачынення. Гэта вельмі паказальна. Таму важна цікавіцца і культурай суседніх краін, каб параўноўваць з тым, што ты лічыш сваім. Знаходзіць альбо паралелі, альбо, наадварот, праз адрозненне лепш сябе пазнаваць.

Стараверы жывуць у розных частках Беларусі, і на поўначы, і на поўдні. І гэта розныя стараверы, тут вельмі важны дыференцыраваны падыход, разуменне, каб не заблытацца.

Таму што, адказваючы на вашае пытанне, можна прывесці аналёгію: «А мне казалі, што ўсе беларусы б’юць людзей дубінкамі». Насамрэч ёсць і такія, але шмат іншых. І вось тут я дам цытату сваёй бабулі: «У кожным родзе ёсць курва і злодзей».

Мой тата старавер, мой дзед таксама. Гэта мая сям’я, і я не магу сабе дазволіць не пісаць кніжкі, звязаныя з маім родам і маёй сям’ёй. Гэтыя людзі не вінаватыя, гэта рускія, якія з канца XVII стагоддзя не жывуць у Расеі. Стараверы не роўна сучасныя праваслаўныя, у іх з-за гэтага і раскол адбыўся, з-за таго яны і з’ехалі.

— Калі б была ў вас магчымасць заўтра апынуцца ў вольнай Беларусі, што б зрабілі, абняўшы блізкіх?

— Я б села на беразе Дзісёнкі [рака Дзясна]і плакала б ад шчасця.

Калі я з’яжджала з Беларусі, ужо ведала, што гэта апошнія мае дні на Радзіме і аб’ехала родныя Германавічы на ровары праз усе суседнія вёскі, бо мне было важна іх быццам бы абняць. І такім чынам развітацца.

І калі вярнуся, я зраблю тое ж самае: я прывітаюся з імі. 

Каментары24

  • SR
    15.12.2024
    Дзякуй за цікавае кранальнае інтэрв'ю
  • Спадар
    15.12.2024
    Дзякуй "НН" за файны рэпартаж! Больш Такога кантэнту !
  • Поцык
    15.12.2024
    Вялікодныя яйкі , люди разные, не у всех такая нервная система, как у вас.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько6

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

Усе навіны →
Усе навіны

Як людзі ў Еўропе ледзь не вымерлі пры падзенні каметы3

Мяцеліца і моцны вецер. У краіне абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі1

Першыя масавыя пратэсты ў ЗША пасля вяртання Трампа ў Белы дом. Сам ён гуляе ў гольф20

Памятаеце беларускага рэпера Джоні Гаці, якому далі 19 гадоў за распаўсюд наркотыкаў? Вось што з ім цяпер10

Чаму ў пачатку 20 стагоддзя эстонцы, літоўцы і латышы стварылі дзяржаву, а беларусы — не? Адказвае Церашковіч81

Танна, бязвіз, прыгожа. Беларуска каталася на лыжах у Казахстане і Кыргызстане — і ёй вельмі спадабалася14

Вызначылі самыя ўпарадкаваныя паселішчы Беларусі5

Кампанія Ілана Маска шукае добраахвотнікаў для ўжыўлення чыпаў у мозг8

Пазняк ці Ціханоўская, Караеў ці Коля Лукашэнка: казахскія геймеры стварылі шмат альтэрнатыўных рэальнасцяў Беларусі15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько6

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць