Ціханоўская ў Мюнхене: Патрабуем, каб расійскія войскі былі выведзеныя не толькі з Украіны, але і з нашай зямлі
Святлана Ціханоўская пачала ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Яна выступала ў дыскусіі «Беларусь пасля выбараў 2025: каталізатар пераменаў або пешка ў чужой гульні?».

Дыскусія сабрала еўрапейскіх палітыкаў, дыпламатаў і экспертаў, якія аналізавалі будучыню Беларусі ў зменлівым геапалітычным кантэксце, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Падымаліся пытанні, ці варта разглядаць Беларусь праз прызму рэгіянальнай бяспекі, як апошнія «выбары» ўплываюць на адносіны Беларусі з Расіяй і Захадам, якім можа быць шлях да дэмакратычных пераменаў і як Захад можа дапамагчы.
Падчас фінальнай прамовы Ціханоўская заявіла:
«Якія нашыя інтарэсы? Яны ясныя. Нам патрэбны стабільны і справядлівы свет. Гэта магчыма толькі тады, калі Беларусь стане суверэннай і дэмакратычнай краінай. Для гэтага мы павінны аслабіць уплыў Расіі і яе хватку на нашай тэрыторыі. Мы патрабуем, каб расійскія войскі былі выведзеныя не толькі з Украіны, але і з нашай зямлі.
Беларусь павінна дэмакратызавацца. Пакуль дыктатар непадсправаздачны свайму народу, ён будзе працягваць служыць Пуціну і разменьваць беларускі суверэнітэт на палітычнае выжыванне. Толькі сапраўдны палітычны пераход, праз свабодныя і сумленныя выбары, можа гарантаваць захаванне беларускага суверэнітэту і трываласці міру».
Ціханоўская падкрэсліла: беларусы павінны змагацца за права на самастойнае вызначэнне будучыні, і адзначыла важнасць міжнароднай падтрымкі ў гэтым працэсе. Яна заклікала да актыўнага ўдзелу Захаду ў падтрыманні дэмакратычных пераменаў у Беларусі і забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне.
Каментары