Грамадства

«Улічваючы наш род дзейнасці, заставацца ў Мінску было небяспечна». Вакаліст РСП — пра пераезд у Кіеў

Пасля 15 сутак арышту і трох адмоў у выдаванні «гастролек» удзельнікі беларускага гурта РСП эмігравалі ў Кіеў. Tut.by паразмаўляла з вакалістам калектыва Паўлам Гарадніцкім: запыталіся пра плюсы і мінусы пераезду, творчасць за мяжой, «ашчушчэнія» і той дзень, калі артысты вернуцца ў Беларусь.

Фота: instagram.com/rspband

Вакаліст гурта «Разбітае сэрца пацана» і акцёр Беларускага свабоднага тэатра Павел Гарадніцкі ўжо больш за месяц знаходзіцца не на радзіме. Ён з’ехаў з Беларусі ў Кіеў 21 сакавіка, праз некалькі дзён ва ўкраінскую сталіцу прыбыў яшчэ адзін удзельнік РСП Дзяніс Тарасенка. Нагадаем, што ў лютым гурт поўным складам правёў 15 сутак у Жодзінскім ізалятары пасля разгону на «музычнай дыскатэцы» пад Смалявічамі.

TUT.BY запытаўся ў Паўла, чаму ён вырашыў рэлакавацца.

— Палічыў, што заставацца ў Мінску мне крыху небяспечна, улічваючы наш род дзейнасці і са Свабодным тэатрам, і з гуртом, які быў арыштаваны. Ды і цяпер па фестывалях катаецца дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Кураж» пра пратэсты ў Беларусі, у якім мы з Дзянісам таксама засвяціліся. Сам я яго, дарэчы, яшчэ не бачыў.

Непасрэдна з’ехаць музыка вырашыў пасля таго, як гурту РСП у трэці раз адмовілі ў выдаванні гастрольнага пасведчання — у Беларусі без яго канцэрты не ладзяцца. Артыстам адмовілі ў «адпаведнасці з падпунктам 1.8 пункта 1 артыкула 215 Кодэкса РБ «Аб культуры» — з-за «парушэння іншых патрабаванняў актаў заканадаўства». Што гэта значыць, ясна не да канца.

— Мы зразумелі, што канцэрты нам у Мінску сыграць не дадуць. Таму мы вырашылі паехаць у Кіеў і неяк «папрабіваць» РСП. Раней ні разу не былі ў Кіеве з гуртом, а цяпер мы тут месяц — і сыгралі ўжо адзін акустычны канцэрт для сваіх. У прынцыпе, у Кіеве шмат чаго робіцца неафіцыйна, падпольна. Для нас, беларусаў-нелегалаў, гэта самае тое (смяецца).

Ва ўкраінскай сталіцы цяпер толькі палова РСП. Павел кажа, што з нецярпеннем чакае яшчэ двух удзельнікаў Андрэя Восіпчыка і Аляксандра Кавалёва, каб хутчэй прыступіць да працы.

— У бубнача і басіста яшчэ ёсць нявырашаныя справы ў Беларусі. Мне было прасцей: я прыехаў з нейкім запасам грошай і паступова штосьці шукаю тут. Іншыя не могуць ехаць у невядомасць: ім трэба адразу ведаць, што сям’я не будзе галадаць.

На жыццё Павел зарабляе падпрацоўкамі па сваёй спецыяльнасці, тры разы на тыдзень ён наведвае анлайн-рэпетыцыі Свабоднага тэатра па Zoom. А вось Дзяніс, які і да пераезду некалькі гадоў працаваў у Мінску на СТА, шукаў сабе не толькі творчыя падпрацоўкі.

— Калі ён прыехаў у Кіеў, літаральна праз некалькі дзён даў аб’явы наконт пошуку працы. Яшчэ не знайшоў кватэру — ужо знайшоў працу. Фарбуе машыны наш Дзяніска, вельмі заняты, але мы знаходзім час з ім сустрэцца. Нядаўна, напрыклад, зрабілі «рыбу» новай песні паводле жодзінскіх падзей. На жаль, без жывых музыкаў, таму гучанне атрымалася крыху новым — пад электронны гурт Metronomy. Сінці-індзі-поп-рок, нешта такое.

Павел удакладняе, што ў гурта ёсць яшчэ і сайд-праект «Жодзінскі альбом» — «турэмны» рэліз, які будзе цалкам прысвечаны думкам, разважанням і перажыванням чалавека, які прайшоў 15 сутак менавіта па колішнім артыкуле 23.34 КаАП. Праца над альбомам пакуль у падвешаным стане, вырашаюцца пытанні наконт яго фінансавання.

У Кіеве Павел і Дзяніс пачалі наладжваць стасункі з мясцовымі артыстамі. Гарадніцкі распавядае, што нядаўна пазнаёміўся з Юрам Капланам («Валянцін Стрыкала»), у музыкаў ёсць ідэі наконт калабарацыі. Больш за тое, РСП прапанавалі выступіць на адным з найбуйнейшых украінскіх музычных фестываляў Atlas Weekend, які павінен прайсці ўлетку. Павел робіць выснову:

— Пакуль ты знаходзішся ў Мінску, закансерваваны ў сваёй творчай прасторы, цябе толькі ў Беларусі і ведаюць. А часовы пераезд — гэта такі добры пендаль, каб пачаць знаёміцца з іншымі, паказваць ім сваю музыку. Пра гэта ў інтэрв'ю «жизнь малина» нядаўна казаў Мікіта Моніч: гэта класная магчымасць для нашага музычнага, тэатральнага і кінарынкаў. Раней яны былі самі ў сабе, а цяпер маюць выхады ў Вільнюсе, Варшаве, Кіеве, Маскве, Піцеры і гэтак далей. Артысты наладжваюць культурныя сувязі, выходзяць з нашай андэграўнднай тусоўкі на больш шырокія абшары. А потым, калі пераможам, мы можам папросту вярнуцца ў Беларусь, і гэтыя сувязі застануцца.

— Для вас гэта пра выхад з зоны камфорту ці наадварот?

— Асабіста для мяне гэта вельмі вялікі выхад з зоны камфорту, чалавек наогул па прыродзе лянівы. Камфортна мець аўдыторыю ў Беларусі, збіраць на канцэртах 500-600 чалавек, ціха рухацца. Цяжэй — трапляць у невядомае і тут літаральна з нуля пачынаць пра сябе заяўляць. Але гэта важна.

Павел дзеліцца, што часам у ім прачынаецца пачуццё віны за тое, што ён з’ехаў з краіны, але ён адразу стараецца яго заціснуць. Артыст разумее, што за мяжой ён можа быць больш карысны, а ў Беларусі, хутчэй за ўсё, проста стаў бы чарговым палітвязнем.

Цяпер артыст адчувае сябе наогул у бяспецы. Калі ў Мінску пасля затрымання кожны дзень даводзілася правяраць праз замочную шчыліну, ці не прыйшоў па яго хтосьці, то ў Кіеве Павел выдыхнуў з палёгкай.

— Калі я толькі апынуўся ва Украіне, у мяне не было такога, каб я першы час шугаўся паліцыянтаў ці бусікаў, як многія кажуць. Тут яны нейкія абсалютна іншыя, па іх бачна, што яны максімум могуць цябе на грошы паспрабаваць развесці. У мяне такое на мяжы было (смяецца). А так у цэнтры людзі пратэстуюць супраць лакдаўну, які ўвяла дзяржава, і іх ахоўвае паліцыя, каб не было ніякіх эксцэсаў. Цяжка такое ўявіць, каб у нас міліцыя ахоўвала нейкі не «ябацькаўскі» мітынг.

Да Паўла ў Кіеў прыехала жонка, але ў Беларусі ў яго застаўся бацька пенсійнага ўзросту.

— Да яго прыходзілі на «агляд», калі я сядзеў у Жодзіне. Спыталі, якая ў яго пазіцыя. А на ім тады была цішотка з зубрам, бусламі, усё ў бела-чырвоных танах. І надпіс: «Беларусь — край мужных». «Вось такая мая пазіцыя», — адказаў.

— Як вы сабе ўяўляеце той дзень, калі вернецеся ў Беларусь?

— Я думаю, што гэта будзе летні сонечны дзень. Я выйду з аэрапорта, мяне з шампанскім будуць сустракаць родныя, сябры, калегі, фанаты РСП і Свабоднага тэатра. Мы адразу абдымемся з супрацоўнікамі аэрапорта, яны мне скажуць: «Паша, як цябе не хапала! Дзякуй богу, гэта ўсё скончылася». А ўвечары на Стэле мы будзем выступаць на канцэрце народных артыстаў: там будуць Вольскі, Паша Аракелян, Nizkiz, NaviBand, «Рэха» і іншыя музыкі — усе свае.

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько2

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

Усе навіны →
Усе навіны

У Наваполацку збіраюцца падоўжыць трамвайную лінію. У Беларусі такога не рабілі ўжо чвэрць стагоддзя5

На выезд з Беларусі сабраліся вялікія чэргі з грузавікоў

У новым сусветным рэйтынгу пашпартоў перамагла Ірландыя, а Беларусь на 125-м месцы4

Тамара Эйдэльман выпусціла новую лекцыю па гісторыі Беларусі26

Сацыёлаг пра анлайн-анкету ад Турчына: Нічым не адрозніваецца ад апытання на сайце «Нашай Нівы»10

У Мінску адкрылася кавярня з сапраўдным фантанам у цэнтры залы7

Кавалі: Я не чакаў, што Украіна так падарве ваенны патэнцыял Расіі10

«Арабы могуць быць у шоку, але трэнд ёсць трэнд»: беларусам прапаноўваюць дубайскія булкі да Вялікадня25

Германія ў адказ на пошліны Трампа можа запатрабаваць вярнуць 1200 тон золата7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько2

Стала вядома, як затрымалі былога каліноўца Максіма Ралько

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць