Былы вядучы Fox News узначаліў Пентагон. Сенат з цяжкасцю зацвердзіў яго кандыдатуру
Сенат Кангрэса ЗША зацвердзіў Піта Хегсэта на пасаду міністра абароны. Яго кандыдатура выклікала сумневы нават у некаторых рэспубліканцаў. Хегсэт не мае ні вялікага кіраўнічага, ні палітычнага досведу.

Ён з’яўляецца ўдзельнікам баявых дзеянняў, былым тэлевядучым і адданым прыхільнікам Дональда Трампа, піша Бі-бі-сі.
Пасяджэнне было драматычным. Галасы падзяліліся пароўну: 50 на 50. Сваім канстытуцыйным правам прыйшлося скарыстацца віцэ-прэзідэнту ЗША Джэймсу Дэвіду Вэнсу. Ён прыбыў у Капітолій і дадаў кандыдату Трампа неабходны голас.
Былы вядучы Fox News і ветэран арміі, які служыў у Афганістане і Іраку, 44-гадовы Хегсэт абяцае ўнесці сур'ёзныя змены ў працу Пентагона.
Аднак яго кіраўніцтва будзе знаходзіцца пад пільнай увагай, падкрэслівае Reuters, адзначаючы жорсткае супраціўленне дэмакратаў і нават некаторых рэспубліканцаў гэтай спрэчнай кандыдатуры. У іх ёсць сумневы як наконт ягонай кваліфікацыі, так і ягонага характару.
«У нас раней не было такога міністра абароны, як Хегсет», — заявіў Reuters Джэрэмі Суры, прафесар гісторыі і эксперт па прэзідэнцкай палітыцы Тэхаскага ўніверсітэта ў Осціне.
Пасада кіраўніка Пентагона гістарычна даставалася кандыдатам з вялікім досведам кіравання буйнымі арганізацыямі, якія карыстаюцца шырокай двухпартыйнай падтрымкай. У гэты раз кандыдату спатрэбілася дадатковая перавага ў галасах для зацвярджэння.
Тры сенатары-рэспубліканцы галасавалі супраць Хегсэта, у тым ліку Мітч Мак-конэл. Паводле яго слоў, Хегсет не змог прадэманстраваць, што здольны эфектыўна кіраваць такой вялікай і складанай арганізацыяй, як Пентагон.
«Простага жадання быць «агентам перамен» недастаткова, каб заняць гэтую пасаду», — сказаў Мак-конэл.
Бюджэт Пентагона складае 1 трыльён даляраў. Хегсэт паведаміў заканадаўцам, што самая вялікая група, якой ён кіраваў, налічвала 100 чалавек, а самы вялікі бюджэт склаў 16 мільёнаў долараў.
Акрамя таго, што Хегсэт безвынікова балатаваўся на пасаду сенатара ад Рэспубліканскай партыі ў Мінесоце, у яго абмежаваны палітычны досвед.
Яго вылучэнне таксама было азмрочана серыяй абвінавачанняў, у тым ліку з боку былой нявесткі, якая сцвярджала, што ён здзекаваўся са сваёй другой жонкі настолькі, што яна хавалася ў шафе і мела кодавыя словы для сяброў, калі патрабавалася дапамога. Хегсэт катэгарычна адмаўляе гэтыя абвінавачанні, і яго жонка таксама адмаўляла любыя факты фізічнага гвалту.
Хегсэт — маёр запасу, які ўдзельнічаў у аперацыях ЗША ў Іраку і Афганістане, а таксама служыў на базе Гуантанама. Пазней ён узначальваў арганізацыю па абароне правоў ветэранаў. Ён ніколі не працаваў у дзяржаўных структурах.
Выступаючы на канале Fox News, Хегсэт часта крытыкаваў саюзнікаў па NATO, заяўляючы, што Кітай стварае армію, «спецыяльна прызначаную для перамогі над ЗША».
Каментары