Яшчэ паўтара месяца назад перамога кансерватараў на будучых выбарах здавалася гарантаванай, але навязлівыя прапановы Трампа аб'ядналі электарат вакол процілеглага лагера.

Апытанні грамадскай думкі ў студзені давалі кансерватарам 20-працэнтную, а часам і 25-працэнтную перавагу над лібераламі. Гэта выклікала бунт унутры Ліберальнай партыі, прэм'ера Джасціна Трудо змусілі заявіць пра адстаўку.
Але варта было Трампу пачаць атакі на Канаду, агучыць пагрозы павышэння тарыфаў і заклікі да канадцаў далучыцца да ЗША ў якасці 51-га штата, як усё памянялася. Падтрымка лібералаў рэзка вырасла, бо кансерватары, хоць таксама стаяць на пазіцыях абароны суверэнітэту, у сацыяльных пытаннях ідуць на выбары на платформе, якая шмат у чым напамінае трампісцкую.
Трамп заяўляў пра Канаду, што «без нашай падтрымкі краіна перастане існаваць». А ягоны дарадца Ілан Маск назваў Канаду «несапраўднай краінай».
Выбары ў Канадзе маюць прайсці да 25 кастрычніка 2025 года, але не выключана, што акрыленыя ростам папулярнасці лібералы правядуць іх раней.
Новым лідарам лібералаў можа стаць 59-гадовы Марк Карні, былы кіраўнік нацыянальных Банка Канады і Банка Англіі. З ім за пасаду змагаецца Хрысця Фрыланд — палітык з украінскімі каранямі. Яна мае досвед працы міністрам фінансаў і замежных спраў.
Апытанне грамадскай думкі, праведзенае кампаніяй Ekos, вынікі якога былі апублікаваныя 24 лютага, дае лібералам 38,4% галасоў, а кансерватарам — 37%. Яшчэ 11,8% выбарцаў галасавалі б за левую Новую дэмакратычную партыю, якая традыцыйна схільная да хаўрусу з лібераламі. У франкамоўнай правінцыі Квебек лідарства захоўвае незалежніцкі Квебекскі блок.
Канада эканамічна моцна звязаная з ЗША і заўсёды разлічвала на амерыканскі абаронны парасон. Армія Канады параўнальна слабая, а выдаткі на абарону — мінімальныя, пры гэтым краіна ўваходзіць у НАТА і G7. Сацыяльная сістэма Канады нагадвае еўрапейскія. У адрозненне ад ЗША, у краіне — бясплатнае ўсеагульнае медабслугоўванне.
40-мільённая Канада — другая па плошчы краіна свету, але, як і ў Расіі, яе абшырныя паўночныя тэрыторыі слабазаселеныя. Змена клімату, аднак, адкрывае доступ да патэнцыйна гіганцкіх пакладаў карысных выкапняў у Арктыцы.
Напорысты курс адміністрацыі Трампа штурхае Канаду да збліжэння з еўрапейскімі саюзнікамі. Прэм'ер Трудо 24 лютага наведаў Кіеў — выразны знак падтрымкі ў час, калі Трамп заляцаецца да Расіі.
Каментары